Главная О художнике Статьи Проекты Работы Поэзия


Хацелі як лепш…

Роздум пасля сумнай урачыстасці.

Такое, мусіць, магло адбыцца толькі ў краіне Саветаў. Паўвека маўчаць і нідзе фактычна не ўзгадваць пра гіболь дзесяткаў тысяч сваіх салдат, кінутых на волб лёсу высокім камандаваннем, галодных і змардаваных, якія пераважна засталіся без зброі, пазбаўленых цэнтралізаванага кіраўніцтва, сувязі, самых неабходных лекаў…
Размова ідзе пра самаахвярных воінаў “Навагрудскага катла”, у якім у канцы чэрвеня – пачатку лпеня злавеснага 1941 года апынуліся 11 дывізій Заходнягя фронту. Гэта была забароненая тэма. І толькі пад канец мінулага ўжо ХХ стагоддзя, асабліва пасля выхаду ў свет кнігі гродзенскага гісторыка Івана Басюка “Навагрудскі кацёл”, многія загаварылі аб трагедыі ў Налібоцкай пушчы.
Пра драму пад Навагрудкам даведаліся ў краінах СНД, у Польшчы і Германіі. І бываючы ў старажытным горадзе, ветэраны вайны, турысты з заходніх дзяржаў не раз пыталься: дзе абеліск у гонар герояў-пакутнікаў, дзе ўскласці кветкі? Так перад мясцовай ўладай паўстала пытанне аб узвядзенні помніка самаахвярным салдатам. Летам 1999 года распараджэннем былога старшыні аблываканкама Аляксандра Дубко былі выдзелены сродкі на праектаванне памятнага знака. Гэту адказную работу выканаў гродзенскі камбінат “Мастацтва”. Меркавалі адкрыць помнік да 55-й гадавіны Перамогі. Затым – да чарговых угодкаў вызвалення Беларусі. Ды адыйшло ў гісторыю ХХ стагоддзе, мінулі 2001 і 2002 гады. А кветкі несці па-ранейшаму не было куды. І ўсё з-за нехваткі грашовых сродкаў. Не апраўдаліся надзеі навагрудчан на дапамогу высокіх інстанцый.
Своеасаблівая эпапея на мемарыяльную тэму, перакачаваўшы з мінулага ў ХХІ стагоддзе, нарэшце, знайшла сваё вырашэнне. На выручку прыйшло таварыства з абмежаванай адказнасцю “Лідасаюзкантракт” на чале з Рычардам Грушам, таленавітым мастаком-скульптарам. Гэты калектыў узяў на сябе частку выдваткаў па вырабу і ўстаноўцы памятнага знака салдатам “Навагрудскага катла”. Амаль паўгода працавалі лідчане над ажыццяўленнем дабрачыннага праекта і годна справіліся з адказнай справай. Нядаўна на ўзгорку каля шашы Навагрудак – Любча, адкуль адкрываезза від на Налібоцкую пушчу, паўстаў даўгачаканны помнік. Падобны на той, што задумалі гродзенскія творцы. На вялізным камені бачны выявы трох чырвонаармейцаў. Вось фігура пранізанага варожымі кулямі байца, ён, відаць, амаль мёртвы, але па інерцыі імкнецца наперад. Другі воін,сціскаючы ў нечалавечым напружанні зброю, нахіліўся наперад, нібы спрабуючы не то вырвацца з тоўшчы каменя, не то з акружэння. Уражвае постаць трэцяга салдата, які зваліўся на родную зямлю і быццам просіць у яе паратунку – каб атрымаць ад роднай нестаючых сіл і прадоўжыць змаганне з ворагамі.
Адкрыццё помніку стала падзеяй мясцовага масштабу. Хоць некаторыя верылі чуткам, што на ўрачыстасці будзе прэзідэнт краіны. Дарэчы, была б прысутнасць дэлегацый з суседніх раёнаў. Скажам, з Іўеўшчыны, на тэрыторыі якой у першыя дні вайны мужна змагаліся воіны легендарнай 24-й стралковай дэвізіі, а потым адыйшлі ў тую ж Налібоцкую пушчу. Там жа закончыўся жыццёвы шлях многіх салдатаў-акружэнцаў, якія да гэтага давалі адпор фашыстам у Лідскім, Воранаўскім, дзятлаўскім і іншых раёнах. Але прадстаўнікоў адтуль не было. Добра, што на згаданым мітынгу прысутнічаў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі аблвыканкама Павел Скрабко.
І яшчэ пару заўваг. На ўрачыстасці, на жаль, не быў зроблены акцэнт на драматычна-пакутніцкім лёсе салдат, што аказаліся ў злавеснай пастцы. Пачуць аб гэтым людзі спадзяваліся з вуснаў ветэрана, якога прадставілі як сведку тых падзей. Чалавек той гаварыў доўга, але мала па сутнасці: як вучыўся ў польскай школе, пасля 1939 года – у савецкай, затым агульнавядомае пра вайну, а пра цяжкія выпрабаванні воінаў-акружэнцаў уражлівых фактаў не назваў. Працяглае і агульнае выступленне выклікала незадаволеннасць стоячых пад спякотным сонцам удзельнікаў вайны. Далей. Мітынг праходзіў у Дзень Рэспублікі. Але навагрудскія выступоўцы і ў такое свята не сталі гаварыць па-беларуску, і каб не прадаставілі слова гасцям з Гродна і Ліды І. Басюку і Р. Грушу, то тут не прагучала б родная мова. Выходзіць, мясцовае начальства нават на нацыянальнае свята не звяртаецца да яе, як гэта робіць прэзідэнт.
І напрыканцы такая думка. Зараз усё часцей абаронцаў у 1941 годзе Магілёва ставяць у адзін шэраг з абаронцамі Брэсцкай крэпасці. А хіба не заслугоўваюць такога параўнання салдаты “Навагрудскага катла”, супраць якіх змагаліся 25 гітлераўскіх дэвізій – амаль палова наяўных у аператыўнай групе “Цэнтр” сіл. Так, подзвіг пад Магілёвам дастойны высокай ацэнкі. Ды гэта, падкрэсліваюць спецыялісты, быў ужо другі стратэгічны эшалон. А заходні фронт паўлаўскага фарміравання згінуў у самым пачатку вайны. Таму гераізм і самаахвярнасць тых патрыётаў, што былі ў налібоцкай пастцы, заслугоўваюць годнага прызнання. І прыйдзе, верыцца, час, калі ў іх гонар з’явіцца помнік і ў Навагрудку, як прапанаваў гэта зрабіць былы вайсковец, дацэнт Іван Басюк.
Аляксандр ЖАЛКОУСКІ
14.08.2003 г.

 

 

Сайт управляется системой uCoz