Главная О художнике Статьи Проекты Работы Поэзия
У
прыгожым, маляўнічым месцы, каля фарнага касцёла, стаіць і красуецца помнік
Францішку Скарыну, аўтар якога малады скульптар з Менска Валерый Янушкевіч.
На гранітным пастаменце ўсталявана бронзавая выява, вышынёй болей як за тры
метры, вядомага першадрукара з Полацка, які завітаў у Ліду нібыта напамінаючы
нам пра былое, пра вялікую і багатую гістарычную спадчыну, пра славутыя імёны
сыноў беларускай зямлі.
Кожны раз, калі я праходжу каля гэтага помніка, я адчуваю, як моўна б’ецца сэрца,
а ў душы хораша і светла, бо я ганаруся працай тых людзей, якія тут працавалі.
І гэта натхняе мяне на ўспамін.
Відаць, такі лёс, што мая сустрэча з Францішкам Скарыном у Лідзе была невыпадковай.
Сёння я лічу, што гэта быў знак, які далі мне нябёсы, бо менавіта ўся мая творчая
дзейнасць пачалася з устаноўкі гэтага помніка.
У 1992 годзе я арганізаваў МП “Дызайн”, якое займалася будаўніцтвам, добраўпарадкаваннем
тэрыторый і мастацкім афармленнем інтэр’ераў з прымяненнем тэхнікі кавальскай
коўкі, разьбы па дрэву. У пачатку 1993 года, калі вялася гаворка пра стварэнне
помніка ў Лідзе і ўстаноўцы яго, было шмат спрэчак, вакол гэтага хадзілі розныя
чуткі і ўвогуле ў той час усе зацікаўленыя людзі якія прымалі ўдзел у ажыццяўленні
гэтай ідэі, думалі пра сродкі, як іх здабыць, бо іх не хапала.
Як сёння помню з размовы са скульптарам, аўтар сказаў, што сродкаў далі 4000
дол., якіх хапіла толькі на матэр’ял і адліўку выявы ў бронзе.
У гарадской архітэктуры ў той час працаваў малады архітэктар Ю. Бірукоў, які
распрацаваў праект прывязкі гэтага помніка да мясцовасці. Ён прапанаваў мне
ўзяцца за працу па ўстаноўцы і добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол помніка Ф.
Скарыны. Калі я згадзіўся, мы з архітэктарам звярнуліся ў гарвыканкам да старшыні
Уладзіміра Мальца. Сустрэча з Уладзімірам Міхайлавічам адбылася вельмі цікавая.
Як аказалася, ён ускладваў на мяне вялікія надзеі, аказваў мне давер, як маладому
кіраўніку, і жадаў плённай працы, пасля чаго мы падпісалі пагадненне аб выкананні
будаўнічых работ па ўстаноўцы помніка. Гэта ўсё ўзлажыла вялікую адказнасць
на мяне і маё прадпрыемства, але разам з тым дало вялікія сілы і гонар за сябе
і калектыў, за што і сёння хачу выказаць вялікую падзяку У. Мальцу.
Пасля падпісання дамовы на будаўнічую частку, ужо ў чэрвені мы пачалі распрацоўваць
дэталі і матэрыялы, рабіць нарыхтоўку сыравіны і весці іншыя падрэхтоўчыя работы.
З аўтарам помніка Валерыям Янушкевічам пазнаёміўся ўпершыню, калі ён прыехаў
у Ліду ўдакладняць месца ўсталявання помніка. Тады ён таксама выказаў сумненне,
ці будзе выканана праца выдатна, на што я адказаў, што не трэба хвалявацца,
бо ўсё будзе добра. Тады я адчуваў вялікі гонар за тое, што мне давялося працаваць
з маладым таленавітым скульптарам.
Праца, якую выконвала прадпрыемства “Дызайн” была вельмі складаная, але адначасова
і цікавая.
Да будаўнічай часткі працы мы прыступілі ў ліпені: яна вялася пад кантролем
гарадской улады. Ужо тады можна было здагадацца аб значнасці гэтага аб’екта,
таму што старшыня У. Малец быў у курсе ўсіх спраў, як вядуцца работы, а яго
намеснік Мікалай Чарнышоў кожны дзень бываў на гэтай пляцоўцы. Усяго тады было
і добрага, і дрэннага. Не ўсё атрымлівалася так, як хацелася. За два тыдні да
адкрыцця помніка стала вядома ад аўтара В. Янушкевіча, што ёсць праблемы. Камень,
які падрыхтавалі пад пастамент, аказаўся са шчылінай.
Гэты камень апрацоўвалі на мастацка-скульптурным камбінаце ў калядзічах каля
Менска. Пасля распілоўкі аўтар вызначыў камень не прыдатным для сталявання.
Па шэтай справе мяне запрасіў старшыня гарвыканкама У. Малец з пытаннем, якое
выйсце можна знайсці ў гэтым становішчы, бо тэрмін да адкрыцця быў невялікі.
Тады я паабяцаў, што выйсце будзе знойдзена.
Каб вырашыць гэтую праблему я адправіўся на Ўкраіну ў г. Карастышаў на адно
з буйнейшых прадпрыемстваў па камнеапрацоўцы, якое ўзначальваў на ты час і да
сёння А. Вараной. Але і тут не маглі ў кароткі тэрмін выпілаваць гранітны камень
тых памераў, якія патрэбны. Такім чынам мне давялося прыняць новае рашэнне,
узгадніўшы з архітэктарам і аўтарам, купіць за ўласныя сродкі пліты вялікіх
памераў і прывезці ў Ліду. Чаму за ўласныя сродкі? Таму што не было магчымасці
пералічыць іх на рахунак украінскага прадпрыемства, бо гэтыя сродкі былі пералічаны
мастацкаму камбінату і іх трэба было вяртаць назад, але хутка гэта зрабіць было
нельга. Вось такім чынам, праўдамі і няпраўдамі гранітныя пліты былі перавезены
цераз дзяржаўную мяжу і ўсталёўваліся за чатыры дні да адкрыцця.
А за два дні да адкрыцця быў прывезены помнік і ўсталёўваўся на гэты пастамент.
Вакол помніка пасыпана чырвоная крошка, якая здабывалася з бітай цэглы. У апошнія
чатыры дні перад адкрыццём нашыя рабочыя працавалі з ранку да цямна. І нават
у апошні дзень людзі разам са мной у 6 гадзін раніцы выконвалі апошнія работы:
чысцілі, мылі, падмалёўвалі. Такім чынам надавалі помніку ганаровы выгляд. А
клькі гонару было на тварах маіх супрацоўнікаў!
Адкрыццё помніка адбылося і свята горада таксама. Усіх гасцей запрасілі на ўрачыстасць,
але мяне і маіх супрацоўнікаў – не. Ды гэта не голоўнае, бо шчасце зусім у іншым,
і помнік-прыгажун сёння красуецца, упрыгожвае родны горад.
Пасля адкрыцця помніка яшчэ доўга хадзілі
чуткі пра тое, што гэты помнік для горада аказаўся залаты і каштаваў у шмат
разоў больш, чым на самой справе.
А сёння мне ўдвая прыемна, таму што з Ф. Скарыной я сустрэўся яшчэ раз у творчай
працы, бо камень, над якім я сёння працую, і які будзе ўсталяваны ў Полацку
каля Музея друку і адчынены ў гонар правядзення фестывалю стараславянскай пісьменнасці
таксама будзе падарункам славутаму сыну слыннай беларускай зямлі.
Рычард Груша