Главная О художнике Статьи Проекты Работы Поэзия


"Навагрудскі кацёл"

Высокі камень-помнік узнёсся на ўзгорку ля шашы Навагрудак-Любча. Ён ушаноўвае подзвіг салдат 3-яй, 10-ай, 13-яй армій Заходняга фронту. У першыя дні вайны яны аказаліся ў пастцы ў наваколлі Навагрудка і Налібоцкай пушчы. Немцы кінулі супраць акружэнцаў танкі, авіяцыю. Але героі не скарыліся і пасля 5 ліпеня, калі па загадзе стаўкі Гітлера пачалася новая акцыя па ліквідацыі “Навагрудскага катла”.

Амаль паўстагоддзя пра “Навагрудскі кацёл” і яго трагедыю ніхто не гаварыў: гэта была забароненая тэма. Але настаў час успомніць і ўвекавечыць памяць дзесяткаў тысяч загінуўшых салдат Айчыны.
У канцы мінулага ўжо стагоддзя Гродзенскі камбінат ”Мастацтва” падрыхтаваў праект помніка. Яго меркавалі адкрыць да 55-годдзя Перамогі. Ды не атрымалася ні тады, ні пазней – з-за адсутнасці сродкаў. І вось таварыства з абмежаванай адказнасцю “Лідасаюзкантракт” на чале з Рычардам Грушам, здольным мастаком-скульптарам і паэтам, згадзілася ажыццявіць праект, узняўшы на сябе значную частку выдаткаў па вырабе і ўстаноўцы памятнага знака. Працавалі амаль паўгода, каб справіцца з пачэснай задачай. Аб чым і гаварылася на мітынгу ў час адкрыцця помніка.
Мы, лідчане, ганарымся чалавечымі ўчынкамі Р. Грушы і яго памочнікаў. Вось няпоўны пералік іх добрых акцый толькі ў 2002 – 2003 гадах: памятныя знакі ў гонар Ігната Дамейкі ў вёсках Крупава Лідскага і Мядзведка Карэліцкага раёнаў, Адама Міцкевіча – у Навагрудку, Іосіфа Гашкевіча – у Малях пад Астраўцом, помнік на магіле бацькі І. Дамейкі ў Міры.
Праз колькі дзён пасля адкрыцця памятнага знака салдатам Навагрудскага катла Рычард Баляслававіч быў у старажытным Нясвіжы. Некараванай сталіцы Вялікага княства Літоўскага ён зрабіў падарунак – помнік-камень з выявай герба гэтага горада.

Алесь Жалкоўскі
г. Ліда
6-12 верасня 2003 г.

 

 

 

 

Сайт управляется системой uCoz