Главная О художнике Статьи Проекты Работы Поэзия


"Плакала скрыпка на ўскраіне Ліды"

Не так даўно на гэтым лапіку Лідскай зямлі месцічы вырошчвалі бульбу, буракі, капусту. А некалькі раней тут была асобая зона: шматпакутную зямлю прасавала тэхніка вайскоўцаў. І мала хто ведаў, а тым больш гаварыў пра тое, што на поўночна-заходняй ускраіне горада пахаваны сотні яўрэяў Вільні і Ліды, па-зверску забітыя нямецкімі акупантамі. Ды ад тых ірвоў-магіл не засталося ніякага следу.

Жыццё і смерць, добро і зло, мужнасць і трусасць – яны адвечна ідуць побач. Расправы фашыстаў і іх памагатых над яўрэямі ў Вільні пачаліся з першызх дзён акупацыі. Пра гэта расказваў мне ў 1990-х гадах вядомы польскі літаратар Земавіт Фядэцкі, які нарадзіўся і вырас на Лідчыне, а вучыўся ў Віленскіх вучэльнях. Па сведчанню пана Земавіта, яго бацькі, іншыя палякі памагалі яўрэям-віленьчукам перабрацца ў Ліду. А тут мясцовыя іўдзеі з дапамогай знаёмых, што працавалі ў нямецкай адміністрацыі, легалізавалі ўцекачоў. І апошнія лічыліся ў лідскім гета тутэйшымі жыхарамі. Але нейкі здраднік паведаміў аб гэтым акупантам. І тыя неўзабаве правялі бязлітасную аперацыю.

Крывавая трагедыя разыгралася 1 сакавіка 1942 года. Гэта быў халодна-калючы дзень, які ў народзе называюць слатою або слотай. На дварэ холад, агідны снег падаў уперамешку з такім жа дажджом. І вось у гэткую непагадзь акупанты выгналі з гета на прылеглую плошчу сем тысяч вязняў, загадаўшы ім то стаяць, то класціся ў брудна-халоднае месіва. У той жа час нявольнікі праходзілі праз вароты, ля якіх здраднік паказваў пальцам на яўрэяў-віленчукоў. І тых неадкладна расстрэльвалі. А колі скончылася злавесная “фільтрацыя” і вязням-лідчанам дазволілі вярнуцца ў гета, тыя сустрэліся з новым жахам: забітымі старымі і дзецьмі. Трупы гэтых людзей, як і віленскіх уцекачоў, адвезлі на ўскраіну Ліды і звалілі ў рвы-магілы. Праз паўтара года, восенню 1943 года, там жа завяршылі жыццёвы шлях іншыя пакутнікі нацыстаў.

Імкліва бягуць гады, дзесяцігоддзі. І на працягу многіх гадоў не ведала спакою душа лідчаніна Зянона Бянько. Як гэта так, што месца пахавання ахвяр стала агародамі! З сваім болем Зянон прыйшоў да старшыні мясцовай абшчыны яўрэяў Асі Савулкінай. Паляк і яўрэйка разам забілі ў званы трывогі і сумлення. І гэта пачулі ў Лідзе многія. Пры садзейнічанні мясцовай улады на сумнай ускраіне былі праведзены пошукавыя работы. Спецыялісты-салдаты адмысловага батальёна неўзабаве выявілі звыш 100 чалавечых астанкаў. І многія рэчы побыту. Згодна з яўрэйскімі традыцыямі раскопкі спынілі. Каб не трывожыць прах іншых пакутнікаў.

Так перад Асяй Данілаўнай Савулкінай і яе добраахвотнымі памочнікамі паўстала святая мэта ўвекавечыць памяць ахвяр Халакосту. Амаль два гады доўжыліся бясконцыя турботы. Іх зразумелі і чым маглі дапамаглі многія людзі з добрымі сэрцамі. Увыніку на прапітаным крывёю ўчастку зямлі паўстаў велічны помнік з граніта, з зоркаю Дывыда. А выбіты надпіс сведчыць, што тут пахаваны яўрэі Ліды і Вільні, па-зверску знішчаныя нацыстамі і іх паслугачамі.

Гэта была ўрачыстаць з сумам, горыччу і незагойным болем. На адкрыццё помніка прыйшлі многія лідчане. Разам з імі былі госці з Мінска, іншых мясцін і нават з Ізраіля. У тужлівым роздуме прысутныя ўшанавалі памяць нявінных ахвяр фашызму. Прагучала шмат добрых слоў пра тых, хто прычыніўся да ўшанавання вязняў гета. Называліся імёны беларусаў і палякаў, рускіх і яўрэяў… Згаданых вышэй Зянона Бянько і Асі Савулкінай, супрацоўніцы ваенкамата Наталлі Вялавай, што спрыяла працы вайскоўцаў з пошукавай часці, дырэктара прадпрыемства Лідскіх электрасетак Пятра Лабана, які выдзяліў кран для ўстаноўкі памятнага знака, многіх іншых. І амаль у кожнага ўдзельніка цэрымоніі, выступоўца і проста прысутнага, былі на вуснах словы ўдзячнасці тутэйшаму мастаку-скульптару Рычарду Грушы. Гэта ён, таленавіты творца і шчодры мецэнат, прыпаднёс яўрэйскай абшчыне і гораду адмысловы помнік. Захапленне якім не скрываў на мітынгу славуты на Беларусі Леанід Левін, адзін з аўтараў мемарыяла Хатыні, лаўрэат Ленінскай прэміі, кіраўнік аб’яднання яўрэйскіх абшчын у нашай краіне. Да месца будзе падкрэсліць, што памянёны помнік – чацвёрты дабрачынны праект Рычарда Балеслававіча ў гэтым годзе. Столькі ж падобных акцый ён ажыццявіў і летась.

Урачстасць закончылася ўскладаннем да помніка кветак, кадзішам-малітвай і сумнай мелодыяй скрыпкі. Гэта быў плач па загінуўшых яўрэях, плач Ізраіля. Гэтае пачуццё разумелі і падзялялі ўсе прысутныя.


Аляксандр Жалкоўскі

 

 

 

 

Сайт управляется системой uCoz